Свае 65 год беларуская пенсіянерка Алена Гнаўк сустрэла ў СІЗА. Гэта ўжо дванаццатае яе затрыманне – да гэтага Алене давалі суткі, вялізныя штрафы і нават тры гады хатняй “хіміі” з-за таго, што з астатнімі ў Берасці вадзіла карагоды, і з-за абразы прэзідэнта. Цяпер Алену абвінавачваюць у паклёпе на прэзідэнта і ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Жанчыне пагражае рэальны тэрмін у калоніі.
Алена па адукацыі юрыстка, займацца праваабарончай і палітычнай дзейнасцю ў Беларусі яна пачала ў 1993 годзе. На той момант жанчына мела чацвёра дзяцей на руках. Для яе прыкладам заўсёды быў праваабаронца Сахараў. Яны з ім нават былі знаёмыя. Па словах дачкі Гнаўк, яе маці ў маладосці адмовілася ад камунізму, таму што ўбачыла, як выкладчык па навуковым камунізме напіўся і не мог дайсці да прыбіральні. Так Алена і стала дысыдэнткай. Першая палітычная справа супраць Алены была заведзеная, калі жанчыне не было і 30 гадоў. Але ў горадзе суды адмаўляліся яе весці. Юрыдычныя веды дапамаглі Алене – справу перакваліфікавалі ў адміністрацыйную, а потым і зусім закрылі. У 2020 годзе пасля сфальсіфікаваных выбараў Алена не прапусціла ніводнай акцыі пратэсту, жанчына ішла ў счэпцы першая, а АМАПу казала: «Хлопцы, ну бярыце нас, старых, замест моладзі!».
28 снежня 2021 года Гнаук затрымалі за тое, што на сваім ганку жанчына павесіла бела-чырвоныя хусткі. Пенсіянерку спачатку асудзілі на пятнаццаць сутак, але так і не выпусцілі з турмы – прад’явілі крымінальную справу. Лісты Алене даходзяць рэдка, але калі прасочваюцца, у іх яна піша, што не маркоціцца і верыць, што ўсё будзе добра.