палітвязенкі

“Калі Наста любіць, то яна выбачае ўсё”. Пра палітвязынку, якая малюе турэмныя Love is.

Турэмныя Love is і вершыкі з турэмным коцікам пакарылі сэрцы беларусаў. Між іншым, іх малюе палітвязынка Анастасія Кухта. Яе асудзілі на пяць гадоў па трох артыкулах крымінальнага кодэкса. З гэтай нагоды Наста намалявала коціка ў кайданках і да яго чатырохрадкоўе “Цішэй, Настанька, не плач. Запыталі толькі пяць”. Праваабаронцы Насцю называюць сацыяльнай актывісткай. Але беларускі дзяўчыну ведаюць як высакакласную цырульніцу і майстрыню па афарбоўцы. Да затрымання ў Насты быў свой салон прыгажосці ў Менску.

Палітвязынка Вольга Рытус расказвала, што Наста ўсёй камеры стрыгла валасы з дапамогай машынкі, рабіла прыгожыя прычоскі і ўздымала жанчынам настрой.

“Наста вельмі моцная і стрыманая.  Ёміста жартуе і любіць маляваць. На яе ложку заўсёды было шмат фламастараў і алоўкаў. Наста рабіла нас прыгожымі. Марыну Золатаву Наста таксама стрыгла. Яна любіла глядзець у краты і вельмі хацела ўбачыць лета” – расказвае Оля.

У Насты Кухта ёсць сяброўка Ася. Дзяўчаты вучыліся разам у ліцэі, з таго часу сябруюць больш за дзесяць гадоў. Ася пацвярджае, што яе сяброўка вельмі моцная і ўпэўненая ў сабе.

“Часам камусьці з-за гэтага можа здавацца грубай, але ж я ведаю, што яна котка” – кажа Ася.

Наша суразмоўніца пацвярджае, што палітвязніца вельмі любіла сваю працу і свой салон.

“Яна скупляла ўсе навучанні, ездзіла на розныя конкурсы. А мяне перыядычна выкарыстоўвала як мадэль для сваіх эксперыментаў. Яна сама прыдумляла, як будзе выглядаць яе салон усярэдзіне, хацела яго пашыраць. Яна шмат сіл выкладала, каб разабрацца з нуля ў бізнэсе. Наста сама па сабе вельмі незалежная” – расказвае Ася.

На малюнках Насты часта сустракаюцца яе жывёлы – сабачка Какос, сабачка Арэс і котка Тапачка. Нажаль, Тапачка не дачакалася гаспадыню і нядаўна памерла. Ася кажа, што палітвязынка цяжка ўспрыняла смерць Тапачкі і вельмі перажывае з гэтай нагоды.

“Я б не адмовілася быць Какосам і есці ялавічыну на сняданак і каб мяне насілі на ручках. Калі Наста кахае, то яна выбачае ўсё. На Какоса ў яе прысутнасці нічога нельга казаць, таму што ён маміна булачка. Насты зараз няпроста, але яна трымаецца і верыць у лепшае” – дадае Ася.