палітвязенкі

“Тут мая дачка і я не ведаю, дзе яна”. Інтервью з былой палітвязынкай

Беларуска Святлана Бараноўская стала палітвязніцай двойчы: спачатку жанчыну асудзілі на тры гады “хатняй” хіміі за абразу дзевяці супрацоўніц АМАПу. Але потым жанчыну затрымалі проста ў яе дома яшчэ раз. Разам са Святланай затрымалі і яе дачку Насту. Маму і дачку змясцілі ў СІЗА да суда. Беларусак асудзілі на “хатнюю” хімію.

Як гэта – сядзець у турме са сваім дзіцем? Палітвязынка Святлана Бараноўская расказала нам. Расказ беларускі складаецца з дзвюх частак: пра Акрэсціна і Валадарку. Сёння мы публікуем пра Акрэсціна.

Я зайшла, за мной зачыніліся дзверы, а потым рыдалі мы з дачкой і з намі ўся камера.

Святлана Бараноўская

Адкрываецца камера, а за сталом на лаўцы сядзіць мая дачка і ў яе пашыраюцца вочы ад здзіўлення. Ахоўнік стаіць ззаду мяне, я падношу руку да вуснаў, з такім жэстам, маўляў, маўчы. Я вельмі хвалявалася, каб на гэтым фоне ў яе не здарыўся рэцыдыў. Аб гэтым думала штосекундна.

“За дзесяць дзён на Акрэсціна я змяніла дзесяць камер. Першыя двое содняў я ўвесь час плакала, у галаве была шалёная колькасць думак, якія душаць. Я малявала сабе ўжо наступствы, паняцця не мела, што нас з дачкой чакае наперадзе. Я не магла размаўляць. У мяне заклала нос, вушы, лоб, вочы, усё. І вось хлопец (заўв. супрацоўнік ізалятара) усё глядзеў на мяне і пытаўся, чаму ж я так плачу. І яму крыкнула: “Таму што тут мая дачка, і я не ведаю, дзе яна”. Я апісала яму абутак сваёй дачкі – валёнкі, і папрасіла яго паглядзець, ці ёсць яны на паверсе. Ён адышоў. Пасля вярнуўся і сказаў, што на гэтым паверсе дачкі няма. Увечары мяне перавялі ў камеру на чацвёрты паверх. Каля яе я ўбачыла валёнкі дачкі. Імкнулася не падаваць выгляду, а пра сябе думаю: “Госпадзе, ды няўжо? Ды няўжо мяне ў адну камеру з дачкой? Ды не можа быць!”. Адчыняецца камера, а за сталом на лаўцы сядзіць мая дачка і ў яе пашыраюцца вочы ад здзіўлення. Ахоўнік стаіць ззаду мяне, я падношу руку да вуснаў, з такім жэстам, маўляў, маўчы.

Я зайшла, за мной зачыніліся дзверы, а потым рыдалі мы з дачкой і з намі ўся камера.  Прасядзелі на шконцы, абдымаліся ўсю ноч. Дзяўчыны, якія былі ў камеры з маёй Настай, сказалі, што ўпершыню пачулі яе голас. Яна да сустрэчы са мной увогуле не размаўляла.

Пасля суда дачка сказала, што ў яе пасля затрымання зніклі месячныя. З’явіліся яны толькі пасля суда, які быў у канцы сакавіка 2022 года. А затрымалі нас у снежні 2021. У маёй дачкі выдаленая шчытападобная залоза, выдаленыя лімфавузлы, яна на пажыццёвым прыёме гармонаў. Я вельмі хвалявалася, каб на гэтым фоне не здарылася рэцыдыву. Аб гэтым думала штосекундна.

Калі мяне адвялі ў камеру да дачкі, у мяне ў прамым сэнсе слова, быццам вылілі на рану бальзам. Я ўбачыла дачку, убачыла, што яна здаровая, што яе не білі, што з ёй выдатныя людзі ў камеры. Пасля гэтага астатнія сем сутак у ізалятары былі больш як прыгода.