Палітвязынка Вольга Рытус была незалежнай назіральніцай на выбарах, здымала відэа ў Цікток пра сітуацыю ў Беларусі, хадзіла на маршы. Вольгу затрымалі, калі яна ехала на працу, палітвязынку асудзілі на тры гады “хатняй” хіміі. Спачатку будзе апавяданне пра гвалт і шантаж дзецьмі, якім падвяргалі Олю, але потым будзе апавяданне аб той падтрымцы, якая была сярод жанчын, як жанчыны нюхалі “новенькіх” і як тамака прытупляюцца колеры і пахі. Гэта трапятлівы расказ, поўны любові да сваіх сукамерніц і важнасці падтрымкі адна адной за кратамі. У канцы – медыяфайл з голасам Вольгі, паслухайце яго абавязкова.
Пры затрыманні Вольгу збілі нагамі, аблілі вадой, пагражалі і змясцілі да суда ў СІЗА. А потым запісалі зневажальнае відэа, на якім бачна, што ў жанчыны мокрыя валасы.
“Выходзячы з машыны, адзін з сілавікоў ударыў мяне ў галаву і сказаў, каб я глядзела ў падлогу. У кабінеце ён ударыў мяне яшчэ раз – і я ўпала. А ўжо далей пачаліся ўдары нагамі. У адзін момант зайшоў у кабінет мужчына – з выгляду адэкватны чалавек, як аказалася, ён выкрываў мой тэлефон. Спытаўся ў калег, што тут адбываецца, я ўжо падумала пра прамень надзеі і сказала, што ў гэтым месцы збіваюць людзей. Тады ён узяў мяне за валасы і выцягнуў з кабінета, цягаў па калідоры. Я не магла ўявіць, што такое можа быць у 2020 годзе ў цэнтры Мінска,” — расказвала Вольга журналістам. У яе нізкі і прыгожы голас, часам ён дрыжыць.
Самае важнае – у Вольгі ёсць два сыны. Старэйшаму 17, а малодшаму ўжо 13. На старэйшага сына практычна ўпала адказнасць – ён падтрымліваў і бабулю, і малодшага брата, хаця сам знаходзіўся ў Польшчы, бо вучыўся там. На гэтай падставе ў старэйшага сына пачалася цяжкая дэпрэсія, хлопец застаўся практычна сам-насам са сваёй бядой. У Беларусь ён прыехаць не мог па сур’ёзных прычынах. Малодшы сын вельмі сумаваў па маме таксама.
“Старэйшаму сыну я забараніла ехаць у Беларусь, бо баялася за ягоную бяспеку. Мне некалькі разоў пагражалі, што яго таксама пасадзяць” – кажа Вольга.
Першыя дзесяць дзён Оля правяла на Акрэсціна, потым яе перавялі ў СІЗА. Мы спыталі ў Вольгі, якія пачуцці яна адчула, калі зайшла ў камеру. Яна сказала, што зусім не тыя, якія чакала.
“Калі я зайшла ў камеру на Акрэсціна, я ўбачыла вочы дзяўчат і мне стала цёпла. Я першы раз там заплакала ад усведамлення, што гэта людзі, якія мяне могуць падтрымаць. У камеры мяне сустрэлі дзяўчаты са словамі: “Тут ужо можна плакаць”. Таму што да гэтага я сядзела ў ГУБАЗ, у СК на допытах. Увесь гэты час я трымалася, не плакала, унутры быў нібы камень” – распавядае палітвязынка.
Наша гераіня нават памятае колер камеры на Акрэсціна.
“Светла-карычневы колер. І яна чамусьці здавалася светлай. Гэта праз тое, што там былі гэтыя людзі. Я зараз расказваю ўсё гэта і адчуваю дзіўнае пачуццё – і боль, і цяпло адначасова. Гэтыя дзяўчынкі назаўжды застануцца роднымі, таму што гэта вялізная канцэнтрацыя цяпла і падтрымкі. Камера была цеснай, але яна здавалася вялікай з-за падтрымкі адна адной. Гэта вельмі дзіўныя словы, Акрэсціна – страшнае месца, але для мяне тая камера была адным з самых цёплых месцаў, бо там была падтрымка і салідарнасць” – дадае жанчына.
На Акрэсціна душа не было ніякага, жанчыны перадавалі адна адной адну бутэльку, з дапамогай якой у камеры прымалі “душ”. Зняволеныя сядзяць на Акрэсціна першы час, а потым іх пераводзяць у СІЗА. Ужо ў СІЗА водзяць у душ раз на тыдзень. Як кажа Вольга, у турме пахі змешваюцца і шмат чаго забываецца.
“Калі да нас паступала новая дзяўчына, яна так заўжды смачна пахла: мылам, духамі, чыстымі валасамі. Мы нюхалі новых дзяўчынак, яны нам дазвалялі. Там вельмі прытупляецца ўсё” – расказвае палітвязніца.
Адной такой “новенькай” жанчынай аказалася палітвязніца Святлана Бычкоўская.
“Я памятаю, як яе да нас прывялі. Яе затрымалі проста на працы, яна супрацоўніца службы “Адно акно”. Яе затрымалі за тое, што яна нібыта зліла ў ЧКБ даныя. Святлана была вельмі прыбраная: у белай блузцы, у прыгожым швэдры, пры макіяжы і з шыкоўнай укладкай. Ад яе вельмі смачна пахла духамі.
У мяне да гэтага часу ўжо сцерліся колеры, бо ў турме ўсё шэрае. І калі прыйшла Святлана да нас, я з цікавасцю разглядала яе, бо паступова ўжо пачала забывацца, як выглядаюць людзі на волі. Святлана выдыхнула, калі зайшла ў камеру. У яе былі вельмі жорсткія допыты, а пасля яе пераводу да нас нас пачалі прэсаваць. Бывала такое, што да нас забегалі ў камеру супрацоўнікі СІЗА і крычалі “Ну што, пачвары!” і карацей… (заўв. Вольга робіць паўзу і не працягвае). Святлана вельмі захаплялася міфалогіяй, яна ведала шмат казак і іх працяг. Гэта было так цікава! Яна нам расказвала казкі, і заставалася такой жа прыбранай” – з трапятаннем расказвае наша гераіня.
Святлана нядоўга была ў камеры з Вольгай, яе потым забралі.
“Я цяпер успамінаю гэтых дзяўчат і мне так цёпла! І цёпла і сумна. Так хочацца захаваць памяць пра кожную” – расказвае Вольга.