Журналістку Кацярыну Бахвалаву (Андрэеву) асудзілі спачатку за стрым на два гады (іх судзілі разам з журналісткай Дар’яй Чульцовай), а потым асудзілі яшчэ на восем гадоў. За журналістыку. Кацярына – твар незалежнай журналістыкі. Беларусы ведаюць яе па вельмі цікавых стрымах і прафесійных матэрыялах. З намі звязваюцца вызваленыя палітвязынкі, якія расказваюць, што Каці вельмі няпроста ў калоніі.
Мы пагаварылі з мужам Каці – журналістам Ігарам Іліяшам. Гэта атрымалася вельмі асабістае інтэрв’ю аб тым, як гэта – чакаць каханага чалавека з турмы.
Сумарна ў Ігара і Каці было 9 спатканняў: 8 кароткатэрміновых і 1 доўгае. Апошні раз сужэнцы бачыліся ў СІЗА ў канцы верасня 2022 года. Гэта было стандартнае бескантактавае спатканне праз шкло і тэлефон.
Што Каця прасіла прывезці ёй на доўгае спатканне?
Некалькі сукенак, касметыка, прыгожая бялізна, розныя салодычы, вершы Бродскага і часопісы “Наша гісторыя”. Агулам, усё тое, што павінна ўзнавіць адчуванне звычайнага жыцця.
Кажуць, што доўгае спатканне выглядае гэтак жа, як і жыццё да гэтага?
Збольшага так. Мы падчас доўгага спаткання вельмі хутка асвоіліся. Я прыгатаваў вячэру, сваю фірмовую страву – тартылья з гароднінай і курыцай. У нейкі момант стварылася такое ідылічнае становішча, што падумалася: няхай бы нас нават у гэтым маленечкім пакойчыку перанеслі куды-небудзь далей ад людзей, ад гэтай навакольнай цемры, і больш нам нічога не будзе трэба – абы быць разам.
Як гэта – абняць каханага чалавека пасля столькіх дзён расстання?
Насамрэч, гэта вельмі далікатны момант з псіхалагічнага пункта гледжання. Чалавек, які знаходзіцца ў турме, практычна поўнасцю пазбаўлены станоўчых тактыльных кантактаў. Для зняволенага тактыльны кантакт звычайна звязаны з нечым дрэнным, з пагрозай, магчыма нават болем. Таму калі мы сустрэліся падчас доўгага спаткання ў жніўні 2021 гады, Каця першыя паўгадзіны не магла звыкнуцца да маіх абдымкаў – гэта мімаволі выклікала ў яе страх, яна зачынялася, заціскалася. Мы гэта хутка адалелі, але тым не менш: абняць каханага чалавека пасля працяглага расстання – гэта першым чынам працэс прывыкання.
Каця моцна змянілася? Пытанне не пра фізічны стан, а маральны.
Безумоўна, адчуваецца вялізная маральная стомленасць, выматанасць – яна сама гэта прызнае і гэта таксама заўважна па лістах. Калі казаць пра нейкія больш глыбокія ўнутраныя змены, то зараз складана пра гэта меркаваць – гэта стане зразумела толькі калі мы апынемся разам на волі. Каця лічыць, што моцна змянілася. Яна нядаўна прачытала ў калоніі раман Альбера Камю “Чума” – кажа, зараз гэта яе любімая кніга, яна вельмі сугучная яе светаўспрыманьню ў дадзены момант. Дык вось больш за ўсё Кацю кранула фінальная сцэна, дзе апісваецца адступ эпідэміі і прыбыццё цягніка з блізкімі: у абдымкі аднаго з герояў кідаецца жонка і ён яшчэ не разумее, ці той гэта чалавек, якога ён ведаў, ці ён “бачыць перад сабой незнаёмку”. Каця крыху баіцца, што ў выніку пасля ўсяго перажытага пакажацца блізкім нейкай незнаёмкай. Але я ўпэўнены, што ў самым галоўным Каця сапраўды не змянілася. Які б след не пакінула турма, гэта ўсё можна паступова адалець – каханнем, пяшчотай, клопатам. І мы з гэтым усім здолеем.
Каця пісала, што зробіць усё, каб турма не пранікала ў яе. Як думаеш, што яна мела на ўвазе?
Каця казала пра тое, што ў лагеры часта чалавечыя каштоўнасці змяняюцца да непазнавальнасці. І вельмі важна не ўпускаць гэты пачварны свет у сябе, не прымаць гэтыя правілы гульні. У адным з лістоў, улетку 2021-га, яна напісала: “Я цвёрда знаю, што правільная сучаснасць – там, а не тут. І яшчэ ўнутры мяне. І прыстойнасці, цяпла, спагады не вытруціць з маёй душы ніякімі тэрмінамі. Ніколі я не пачну жыць па прынцыпе “не вер, не бойся, не прасі”, я чалавек з “адкрытым забралам” не змагу шукаць дробязнай выгады, плесці інтрыгі, ліслівіць верхняму звяну харчовага ланцужка і дзяўбці ніжняе”.
Кажуць, што калі ў чалавека каханы ці каханая пападаюць у турму, чалавек аўтаматычна замыкаецца і знаходзіцца ў сваім коле. Гэта так?
Так, усё менавіта так. Прычым добра, калі хаця б існуе нейкае блізкае кола, у якім можна замкнуцца. Мы жывем у эпоху, калі чалавечыя лёсы перамолваюцца тысячамі, калі вымываецца само асяроддзе, у якім ты раней жыў. Сябры і калегі, якія складалі тваё асяроддзе, зараз альбо ў турмах, альбо ў эміграцыі. Таму замыкацца часта даводзіцца ў самім сабе і часам з-за гэтага ты адчуваеш сябе нейкім пустэльнікам. Жыць сёння ў Мінску – гэта хадзіць па мёртвым горадзе, дзе ў цябе практычна не засталося знаёмых. Калі сустрэнеш раптам чалавека з мінулага жыцця, то прыходзіш у шчырае здзіўленне: “Ой, а як гэта ты тут апынуўся?”
Ці можна сказаць так, што калі сядзіць блізкі чалавек, разам зь ім сядзіць і ягоная сям’я?
Безумоўна, калі ў турме сядзіць блізкі чалавек, – гэта вялізнае выпрабаванне. Гэта свайго роду маральнае катаванне. Але ўсё ж не варта ставіць на адну дошку досвед палітвязняў і іх блізкіх. Тым, хто знаходзіцца за кратамі, невымерна цяжэй. Хаця б толькі таму, што яны вымушаныя 24 гадзіны без перапынку знаходзіцца ў крайне варожым асяроддзі.
Тым, хто застаўся на волі, куды прасцей. Сёння сваякі палітвязняў у Беларусі – не ізгоі, а зусім наадварот. Напрыклад, блізкія Каці рэгулярна сутыкаюцца з тым, што зусім незнаёмыя людзі – у магазіне, цырульні або паліклініцы – выказваюць ім сваю салідарнасць, гавораць словы падтрымкі, спрабуюць падтрымаць. Да мяне таксама рэгулярна падыходзяць людзі на вуліцы, каб паціснуць руку і сказаць, што вельмі перажываюць за Кацю. А палітвязні пазбаўленыя гэтых праяваў чалавечнасці і салідарнасці.
Раскажы, што Каця любіць, акрамя журналістыкі?
Каця любіць падарожжы (але не актыўныя, а сузіральныя), кнігі, музыку і кіно. Сядзець на пляжы з кніжкай, музыкай у слухаўках і куфлем віна – мабыць, гэта самы лепшы адпачынак для нас. Каця пісала, што пасля вызвалення хоча ў першую чаргу з’ездзіць у Парыж – “таму што гэта горад кахання, а любоўю перапаўняе да краёў” – а затым паехаць на ўзбярэжжа Ла-Манша і там валяцца на пляжы.
Яна просіць дасылаць навіны?
Канечне. Каця вельмі церпіць ад інфармацыйнага голаду. Нават пачала выпісваць “СБ” і “Мінскую праўду” – спрабуе вывуджваць адтуль нейкія крупінкі інфармацыі, чытаць прапаганду як зашыфраванае пасланне. Улетку яна пісала: “Рэдка пра гэта гавару, а мне вельмі не хапае працы. Самога працэсу: часта ўяўляю адчынены ноўт, белы ліст на экране, пальцы дакранаюцца клавіятуры… Сумую па аб’ектыве, па мікрафоне ў руцэ… Я веру, што наперадзе нас чакаюць незабыўныя падзеі і вялікія здзяйсненні ў прафесійным плане, але таксама я назаўжды захаваю ў памяці тое пачуццё, з якім мы ўскоквалі ў маршрутку і імчаліся ў які-небудзь райцэнтр, адчынялі дзверы кабінетаў, дапазна сядзелі за тэкстам, паднімалі куфлі за поспех матэрыялу. У мяне быў цудоўны пачатак, нават крыху вар’яцкі для 21-22 гадоў, а працяг аказаўся годным такога пачатку”.
Калі вызвалялі Дашу, ці было табе сумна?
Прызнацца, да гэтага дня я падыходзіў з лёгкім страхам – думаў, буду моцна рэфлексаваць. Але ўсё прайшло значна лягчэй, чым я меркаваў. Мы паехалі сустракаць Дашу з калегамі, вясёлай кампаніяй, і я змог адцягнуцца ад цяжкіх думак. Ну і сама Даша мяне падбадзёрыла. Першыя яе словы, калі мы абняліся былі такія: “Мы выцягнем Кацю, трымайся”. Зразумела, што не ў сілах Дашы выцягнуць каго б там ні было з турмы, але тое, што гэта было першае, аб чым яна загаварыла пасля вызвалення – ну, гэта быў вельмі моцны момант. Таму гэтую экзістэнцыйную дату, 3 верасьня, я перажыў даволі спакойна. Урэшце, чаму павінна быць сумна ў гэты момант? Чалавек выходзіць з турмы – гэта ж радасць. Толькі так гэта трэба ўспрымаць.
Ты ўяўляеш дзень яе вызвалення?
Напэўна, чым больш часу праходзіць, тым складаней уяўляць гэты момант. Але, вядома, думкі аб гэтым з’яўляюцца часта. Мне чамусьці вось які вобраз запаў. Ёсць вельмі кранальны і смешны фільм – “Трус Джо-Джо”. Мы з Кацяй яго глядзелі якраз у 2020-м годзе. Гэта кіно пра хлопчыка і дзяўчынку ў гітлераўскай Германіі. Дзяўчынка ўсю вайну хаваецца ад нацыстаў на паддашку і ў самым канцы, калі надыходзіць мір, яна нарэшце разам з хлопчыкам можа выйсці ў двор.
Яны разам выходзяць, азіраюцца, бачаць, што нацысцкія сцягі валяюцца на зямлі і перамаглі саюзнікі. Моўчкі глядзяць адзін на аднаго і потым, разумеючы, што яны нарэшце вольныя, пачынаюць танчыць прама на вуліцы. Я напісаў у адным з лістоў Каці: чаму б нам таксама так не сустрэць момант вызвалення? Проста пачнем танчыць. Каця маю ідэю падтрымала:)
Беларуска Святлана Бараноўская стала палітвязніцай двойчы: спачатку жанчыну асудзілі на тры гады “хатняй” хіміі за абразу дзевяці супрацоўніц АМАПу. Але потым жанчыну затрымалі проста ў яе дома яшчэ раз. Разам са Святланай затрымалі і яе дачку Насту. Маму і дачку змясцілі ў СІЗА да суда. Беларусак асудзілі на “хатнюю” хімію.
Як гэта – сядзець у турме са сваім дзіцем? Палітвязынка Святлана Бараноўская расказала нам. Расказ беларускі складаецца з дзвюх частак: пра Акрэсціна і Валадарку. Сёння мы публікуем пра Акрэсціна.
Я зайшла, за мной зачыніліся дзверы, а потым рыдалі мы з дачкой і з намі ўся камера.
Святлана Бараноўская
Адкрываецца камера, а за сталом на лаўцы сядзіць мая дачка і ў яе пашыраюцца вочы ад здзіўлення. Ахоўнік стаіць ззаду мяне, я падношу руку да вуснаў, з такім жэстам, маўляў, маўчы. Я вельмі хвалявалася, каб на гэтым фоне ў яе не здарыўся рэцыдыў. Аб гэтым думала штосекундна.
“За дзесяць дзён на Акрэсціна я змяніла дзесяць камер. Першыя двое содняў я ўвесь час плакала, у галаве была шалёная колькасць думак, якія душаць. Я малявала сабе ўжо наступствы, паняцця не мела, што нас з дачкой чакае наперадзе. Я не магла размаўляць. У мяне заклала нос, вушы, лоб, вочы, усё. І вось хлопец (заўв. супрацоўнік ізалятара) усё глядзеў на мяне і пытаўся, чаму ж я так плачу. І яму крыкнула: “Таму што тут мая дачка, і я не ведаю, дзе яна”. Я апісала яму абутак сваёй дачкі – валёнкі, і папрасіла яго паглядзець, ці ёсць яны на паверсе. Ён адышоў. Пасля вярнуўся і сказаў, што на гэтым паверсе дачкі няма. Увечары мяне перавялі ў камеру на чацвёрты паверх. Каля яе я ўбачыла валёнкі дачкі. Імкнулася не падаваць выгляду, а пра сябе думаю: “Госпадзе, ды няўжо? Ды няўжо мяне ў адну камеру з дачкой? Ды не можа быць!”. Адчыняецца камера, а за сталом на лаўцы сядзіць мая дачка і ў яе пашыраюцца вочы ад здзіўлення. Ахоўнік стаіць ззаду мяне, я падношу руку да вуснаў, з такім жэстам, маўляў, маўчы.
Я зайшла, за мной зачыніліся дзверы, а потым рыдалі мы з дачкой і з намі ўся камера. Прасядзелі на шконцы, абдымаліся ўсю ноч. Дзяўчыны, якія былі ў камеры з маёй Настай, сказалі, што ўпершыню пачулі яе голас. Яна да сустрэчы са мной увогуле не размаўляла.
Пасля суда дачка сказала, што ў яе пасля затрымання зніклі месячныя. З’явіліся яны толькі пасля суда, які быў у канцы сакавіка 2022 года. А затрымалі нас у снежні 2021. У маёй дачкі выдаленая шчытападобная залоза, выдаленыя лімфавузлы, яна на пажыццёвым прыёме гармонаў. Я вельмі хвалявалася, каб на гэтым фоне не здарылася рэцыдыву. Аб гэтым думала штосекундна.
Калі мяне адвялі ў камеру да дачкі, у мяне ў прамым сэнсе слова, быццам вылілі на рану бальзам. Я ўбачыла дачку, убачыла, што яна здаровая, што яе не білі, што з ёй выдатныя людзі ў камеры. Пасля гэтага астатнія сем сутак у ізалятары былі больш як прыгода.
Палітвязынка Вольга Рытус была незалежнай назіральніцай на выбарах, здымала відэа ў Цікток пра сітуацыю ў Беларусі, хадзіла на маршы. Вольгу затрымалі, калі яна ехала на працу, палітвязынку асудзілі на тры гады “хатняй” хіміі. Спачатку будзе апавяданне пра гвалт і шантаж дзецьмі, якім падвяргалі Олю, але потым будзе апавяданне аб той падтрымцы, якая была сярод жанчын, як жанчыны нюхалі “новенькіх” і як тамака прытупляюцца колеры і пахі. Гэта трапятлівы расказ, поўны любові да сваіх сукамерніц і важнасці падтрымкі адна адной за кратамі. У канцы – медыяфайл з голасам Вольгі, паслухайце яго абавязкова.
Пры затрыманні Вольгу збілі нагамі, аблілі вадой, пагражалі і змясцілі да суда ў СІЗА. А потым запісалі зневажальнае відэа, на якім бачна, што ў жанчыны мокрыя валасы.
“Выходзячы з машыны, адзін з сілавікоў ударыў мяне ў галаву і сказаў, каб я глядзела ў падлогу. У кабінеце ён ударыў мяне яшчэ раз – і я ўпала. А ўжо далей пачаліся ўдары нагамі. У адзін момант зайшоў у кабінет мужчына – з выгляду адэкватны чалавек, як аказалася, ён выкрываў мой тэлефон. Спытаўся ў калег, што тут адбываецца, я ўжо падумала пра прамень надзеі і сказала, што ў гэтым месцы збіваюць людзей. Тады ён узяў мяне за валасы і выцягнуў з кабінета, цягаў па калідоры. Я не магла ўявіць, што такое можа быць у 2020 годзе ў цэнтры Мінска,” — расказвала Вольга журналістам. У яе нізкі і прыгожы голас, часам ён дрыжыць.
Самае важнае – у Вольгі ёсць два сыны. Старэйшаму 17, а малодшаму ўжо 13. На старэйшага сына практычна ўпала адказнасць – ён падтрымліваў і бабулю, і малодшага брата, хаця сам знаходзіўся ў Польшчы, бо вучыўся там. На гэтай падставе ў старэйшага сына пачалася цяжкая дэпрэсія, хлопец застаўся практычна сам-насам са сваёй бядой. У Беларусь ён прыехаць не мог па сур’ёзных прычынах. Малодшы сын вельмі сумаваў па маме таксама.
“Старэйшаму сыну я забараніла ехаць у Беларусь, бо баялася за ягоную бяспеку. Мне некалькі разоў пагражалі, што яго таксама пасадзяць” – кажа Вольга.
Першыя дзесяць дзён Оля правяла на Акрэсціна, потым яе перавялі ў СІЗА. Мы спыталі ў Вольгі, якія пачуцці яна адчула, калі зайшла ў камеру. Яна сказала, што зусім не тыя, якія чакала.
“Калі я зайшла ў камеру на Акрэсціна, я ўбачыла вочы дзяўчат і мне стала цёпла. Я першы раз там заплакала ад усведамлення, што гэта людзі, якія мяне могуць падтрымаць. У камеры мяне сустрэлі дзяўчаты са словамі: “Тут ужо можна плакаць”. Таму што да гэтага я сядзела ў ГУБАЗ, у СК на допытах. Увесь гэты час я трымалася, не плакала, унутры быў нібы камень” – распавядае палітвязынка.
Наша гераіня нават памятае колер камеры на Акрэсціна.
“Светла-карычневы колер. І яна чамусьці здавалася светлай. Гэта праз тое, што там былі гэтыя людзі. Я зараз расказваю ўсё гэта і адчуваю дзіўнае пачуццё – і боль, і цяпло адначасова. Гэтыя дзяўчынкі назаўжды застануцца роднымі, таму што гэта вялізная канцэнтрацыя цяпла і падтрымкі. Камера была цеснай, але яна здавалася вялікай з-за падтрымкі адна адной. Гэта вельмі дзіўныя словы, Акрэсціна – страшнае месца, але для мяне тая камера была адным з самых цёплых месцаў, бо там была падтрымка і салідарнасць” – дадае жанчына.
На Акрэсціна душа не было ніякага, жанчыны перадавалі адна адной адну бутэльку, з дапамогай якой у камеры прымалі “душ”. Зняволеныя сядзяць на Акрэсціна першы час, а потым іх пераводзяць у СІЗА. Ужо ў СІЗА водзяць у душ раз на тыдзень. Як кажа Вольга, у турме пахі змешваюцца і шмат чаго забываецца.
“Калі да нас паступала новая дзяўчына, яна так заўжды смачна пахла: мылам, духамі, чыстымі валасамі. Мы нюхалі новых дзяўчынак, яны нам дазвалялі. Там вельмі прытупляецца ўсё” – расказвае палітвязніца.
Адной такой “новенькай” жанчынай аказалася палітвязніца Святлана Бычкоўская.
“Я памятаю, як яе да нас прывялі. Яе затрымалі проста на працы, яна супрацоўніца службы “Адно акно”. Яе затрымалі за тое, што яна нібыта зліла ў ЧКБ даныя. Святлана была вельмі прыбраная: у белай блузцы, у прыгожым швэдры, пры макіяжы і з шыкоўнай укладкай. Ад яе вельмі смачна пахла духамі.
У мяне да гэтага часу ўжо сцерліся колеры, бо ў турме ўсё шэрае. І калі прыйшла Святлана да нас, я з цікавасцю разглядала яе, бо паступова ўжо пачала забывацца, як выглядаюць людзі на волі. Святлана выдыхнула, калі зайшла ў камеру. У яе былі вельмі жорсткія допыты, а пасля яе пераводу да нас нас пачалі прэсаваць. Бывала такое, што да нас забегалі ў камеру супрацоўнікі СІЗА і крычалі “Ну што, пачвары!” і карацей… (заўв. Вольга робіць паўзу і не працягвае). Святлана вельмі захаплялася міфалогіяй, яна ведала шмат казак і іх працяг. Гэта было так цікава! Яна нам расказвала казкі, і заставалася такой жа прыбранай” – з трапятаннем расказвае наша гераіня.
Святлана нядоўга была ў камеры з Вольгай, яе потым забралі.
“Я цяпер успамінаю гэтых дзяўчат і мне так цёпла! І цёпла і сумна. Так хочацца захаваць памяць пра кожную” – расказвае Вольга.
Турэмныя Love is і вершыкі з турэмным коцікам пакарылі сэрцы беларусаў. Між іншым, іх малюе палітвязынка Анастасія Кухта. Яе асудзілі на пяць гадоў па трох артыкулах крымінальнага кодэкса. З гэтай нагоды Наста намалявала коціка ў кайданках і да яго чатырохрадкоўе “Цішэй, Настанька, не плач. Запыталі толькі пяць”. Праваабаронцы Насцю называюць сацыяльнай актывісткай. Але беларускі дзяўчыну ведаюць як высакакласную цырульніцу і майстрыню па афарбоўцы. Да затрымання ў Насты быў свой салон прыгажосці ў Менску.
Палітвязынка Вольга Рытус расказвала, што Наста ўсёй камеры стрыгла валасы з дапамогай машынкі, рабіла прыгожыя прычоскі і ўздымала жанчынам настрой.
“Наста вельмі моцная і стрыманая. Ёміста жартуе і любіць маляваць. На яе ложку заўсёды было шмат фламастараў і алоўкаў. Наста рабіла нас прыгожымі. Марыну Золатаву Наста таксама стрыгла. Яна любіла глядзець у краты і вельмі хацела ўбачыць лета” – расказвае Оля.
У Насты Кухта ёсць сяброўка Ася. Дзяўчаты вучыліся разам у ліцэі, з таго часу сябруюць больш за дзесяць гадоў. Ася пацвярджае, што яе сяброўка вельмі моцная і ўпэўненая ў сабе.
“Часам камусьці з-за гэтага можа здавацца грубай, але ж я ведаю, што яна котка” – кажа Ася.
Наша суразмоўніца пацвярджае, што палітвязніца вельмі любіла сваю працу і свой салон.
“Яна скупляла ўсе навучанні, ездзіла на розныя конкурсы. А мяне перыядычна выкарыстоўвала як мадэль для сваіх эксперыментаў. Яна сама прыдумляла, як будзе выглядаць яе салон усярэдзіне, хацела яго пашыраць. Яна шмат сіл выкладала, каб разабрацца з нуля ў бізнэсе. Наста сама па сабе вельмі незалежная” – расказвае Ася.
На малюнках Насты часта сустракаюцца яе жывёлы – сабачка Какос, сабачка Арэс і котка Тапачка. Нажаль, Тапачка не дачакалася гаспадыню і нядаўна памерла. Ася кажа, што палітвязынка цяжка ўспрыняла смерць Тапачкі і вельмі перажывае з гэтай нагоды.
“Я б не адмовілася быць Какосам і есці ялавічыну на сняданак і каб мяне насілі на ручках. Калі Наста кахае, то яна выбачае ўсё. На Какоса ў яе прысутнасці нічога нельга казаць, таму што ён маміна булачка. Насты зараз няпроста, але яна трымаецца і верыць у лепшае” – дадае Ася.
18 кастрычніка ў Баранавічах а палове на восьмую ранку сілавікі прыйшлі з ператрусам да Дар’і Лосік, жонкі палітвязьня і медыйшчыка Ігара Лосіка. Сама Дар’я з дачкой яшчэ спала.
Ігар Лосік быў асуджаны па «справе Ціханоўскага» да 15 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў «распальванні сацыяльнай варожасці» ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, а таксама ў «арганізацыі масавых беспарадкаў». З моманту ўзяцця пад варту Ігар Лосік двойчы аб’яўляў галадоўку, першую з якіх трымаў 42 дні.
Як стала вядома “Радыё Свабода”, Дар’і далі патэлефанаваць бацькам, ейная маці хутка прыехала на месца, але яе нават не пусьцілі ў кватэру, толькі потым аддалі паперку пра тое, што быў праведзены ператрус. Падчас ператрусу ў кватэры, апроч сілавікоў і панятых, былі толькі сама Дар’я і яе маленькая дачка Паўліна.
Дар’ю «затрымалі на трое сутак у рамках крымінальнай справы, цяпер яе павезьлі ў Берасьце». Паводле якога канкрэтна артыкулу яна абвінавачваецца, пакуль невядома. Увечары бацькі затрыманай плянуюць сустрэцца з адвакатам, каб даведацца больш падрабязнасьцяў справы. Тэлеграм-каналы сілавікоў напісалі, што Дар’ю затрымалі за тое, што яна нібыта «садзейнічала экстрэмісцкай дзейнасьці», прэтэнзіі да Дар’і ўзьніклі за яе інтэрвію тэлеканалу «Белсат», які ўлады назвалі экстрэмісцкім.
Паўліна, малалетняя дачка Ігара і Дар’і Лосікаў, пакуль што знаходзіцца ў бабулі зь дзядулем, бацькоў Дар’і.
Беларускія жанчыны напісалі Дар’е словы, якія яны бы казалі ёй пры магчымасці:
“Пачала зарабляць на нейкую цацку ў твой новы Superb”
“Я бы сказала ей, что она герой. Что всё пройдет, и они с Игорем ещё будут нянчить внуков и рассказывать им про весь этот трэш”
“Увесь свет абураны яе затрыманнем! Хай беражэ сябе з усіх сілау́”
“Падзякавала бы ёй за адвагу, выразіла бы шкадаванне, што рэжым менавіта такім чынам узнагароджвае і адвагу, і патрыятызм, і сямейныя каштоўнасці, калі сапраўдныя”
“Ты не вінаватая і ўсё зрабіла правільна”
“Благодаря ей и ещё паре таких же сильных женщин, я нахожу силы и смысл не сдаваться и не отчаиваться в этом мире. И просто очень хочется посмеяться с ней вместе обо всем как можно скорее. Никто так не умеет находить повод для шуток в темные времена, как Даша”
“Моцы ўсё гэтае вытрымаць, перажыць, захаваць сябе”
“Мяне захапляюць людзі, якія не кідаюць сваіх і б’юцца за іх да канца. Што ў яе стальны стрыжань. Што жадаю ёй, каб як мага хутчэй ёй можна было проста жыць у бяспецы з мужам і дачкой, а не выпрабоўваць гэты стрыжань”
“Складаныя рашэнні даюцца цяжка, але менавіта яны вылучаюць моцных і мужных. Калі адны так высока падымаюць планку, не застаецца іншага акрамя як цягнуцца да яе”
Яна паведамляе, што ў гэтай турме ў карцар яна не трапляла, што ў яе ўсё добра. Яна па-ранейшаму бадзёрая духам і энергічная, здароўе ў норме . Перадае ўсім велізарнае прывітанне і чакае з нецярпеннем нашых лістоў. Нажаль, яе пазбавілі часткі перадач і спатканняў.
Адрас для лістоў:
246035 г. Гомель ІЧ-4, вул.Антошкіна 3, 8 атрад, Гнаук Алене Пятроўне.
Крысціна перадала ліст родным
Родныя Галіны Міхальчук, якая выйшла на волю датэрміновае 20 верасня, падзякавалі ў инстаграмме ўсіх неабыякавых людзей якія помнілі, турбаваліся і падтрымвалі Галіну.
Пра этап напісаў муж Каці Ігар Ільяш:
“Кацю этапавалі з СІЗА №3 у папраўчую калонію на вуліцы Антошкіна ў Гомлі. Раней у ПК-4 Каця знаходзілася з траўня 2021-га па люты 2022 году, калі КДБ распачаў супраць яе новую крымінальную справу.
Цяпер лісты, паштоўкі і тэлеграмы можна дасылаць па адрасе: Папраўчая калонія №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна 3. Кацярына Андрэеўна Бахвалава.
Як будзе цяпер даходзіць карэспандэнцыя – пытанне адкрытае. Пакуль Каця знаходзілася ў СІЗА, да яе прапускалі лісты выключна ад сваякоў. Але і ў такіх умовах атрымлівалася часам перадаваць ёй словы падтрымкі і салідарнасці ад сяброў, калегаў і проста неабыякавых людзей.
Незадоўга да этапавання ў калонію Каця прасіла ўсім перадаць, што шчыра ўдзячная кожнаму, хто не забывае палітвязняў. Дзякуючы гэтаму, яна адчувае, што ўсё дакладна было недарэмна. Каця сказала, што ўсіх моцна абдымае і дасылае праменьчык усмешкі з-за кратаў.
Раней Кацярыне прысудзілі 2 гады калёныі, але потым яшчэ раз асудзілі да васьмі гадоў калоніі па артыкулу “Здрада дзяржаве”.
7-га чэрвеня 2022 года ей прысудзілі 2,5 гады “хіміі” з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Цяпер яна будзе знаходзіцца ў Папраўчай ўстанове адкрытага тыпу №1 у горадзе Брэсце.
Але пазітыў не пакідае Таццяну і яна перадае ўсім нам шчырыя вітанні:
“Удзячная ўсім, хто падтрымліваў і падтрымлівае, дорыць сяброўства і цеплыню.Наш час такі, што свет шукае новых сэнсаў, новых адказаў на пытанні, новай сістэмы каардынатаў, і гэта ўсё павінны зрабіць мы. Самі.Дапамогуць нам мысленне, унутраны стрыжань і Беларусь. На тое і спадзяюся.”